Створаны ў 1980 як эксперым. творчая лабараторыя з мэтай садзейнічаць захаванню прафес. акцёрскай формы, удасканаленню майстэрства, Аснову т-ра складалі штатныя акцёры кінастудыі «Беларусьфільм», пазней ён папоўнены выпускнікамі Бел.тэатр.-маст. ін-та, Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі (бел. набор, педагог І.Таланкін), акцёрамі з інш. тэатраў. Гал. рэжысёры: В.Анісенка (1980—82), Б.Луцэнка (1982—90); маст. кіраўнік А.Яфрэмаў (з 1991); гал. мастакі Дз.Мохаў (1983—94), з 1998 Л.Пруднікаў.
Спроба арганізаваць т-р зроблена ў 1979; група кінаакцёраў з удзелам акцёраў мінскіх т-раў падрыхтавала і паказала спектакль «Паляванне на качак» А.Вампілава (рэж. Анісенка). Адкрыўся т-р 30.3.1982 спектаклем «Усё яго жыццё» паводле кінааповесці «Камуніст» Я.Габрыловіча. У 1980-я — пач. 1990-х г. у рэпертуары т-ра пераважалі п’есы, якія ўзнімалі вострыя маральна-этычныя і сац. праблемы («Глядзіце, хто прыйшоў» У.Аро, «Шчасце маё...» А.Чарвінскага, «Не баюся Вірджыніі Вулф» Э.Олбі і інш.). Адначасова вяліся пошукі арган. спалучэння мастацтва т-ра і кіно, новых сродкаў выразнасці, у т. л. ўключэнне кінафрагментаў у сцэн. дзеянне (кінаканцэрт «Саракавыя», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» І.Чыгрынава), прыём «здымачная пляцоўка» на сцэне («Камедыя пра Лісістрату» паводле Арыстафана), «буйны план», патрабаванне арганічнасці ігры пры непасрэдным кантакце акцёраў з гледачом ва ўмовах залы на 220 месцаў.
1990-я — пач. 2000-х г. адметныя ўключэннем у рэпертуар разам з сучаснай драматургіяй («Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.Данілава, «Міленькі ты мой» М.Варфаламеева) класічных твораў: «Тэатр купца Япішкіна» Е.Міровіча, «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага, «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа, «Пігмаліён» Б.Шоу; п’ес маладых бел. драматургаў: «Шчаўкунок» А.Палешчанковай, «Поле бітвы» С.Бартохавай. Т-р праводзіць канцэрты, аўтарскія і творчыя вечары вядомых майстроў сцэны і экрана. У трупе т-ра (2002); нар.арт. Беларусі У.Гасцюхін, засл. артысты Беларусі А.Бяспалы, Л.Румянцава, С.Сухавей, А.Цімошкін, артысты А.Адзінцова, В.Арланава, С.Вількін, У.Грыцэўскі, А.Гур’еў, Н.Жукоўская, С.Іваноў, А.Караблёва, А.Кацянёў, А.Кашпераў, Л.Мардачова, Т.Мужэнка, І.Нарбекава, Ю.Палубінская, А.Проліч, Н.Разанцава, В.Рыбчынскі, В.Сізова, І.Сцяпанаў, А.Цярпіцкі, П.Юрчанкаў старэйшы, П.Юрчанкаў малодшы. Працуе ў тэатр. зале кінатэатра «Масква».
Літ.:
Брандабоўская Л., Сцяпанава Я. «Мы імкнёмся да гарызонта...» // Беларусь. 1986. № 2;
Арлова Т. Пасярод праблем сусвету: На спектаклях Мінскага тэатра-студыі кінаакцёра // Мастацтва Беларусі. 1987 № 3.
Н.М.Шукан.
Тэатр-студыя кінаакцёра. Сцэна са спектакля «Пігмаліён» Б.Шоу.Тэатр-студыя кінаакцёра. Сцэна са спектакля «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа.